ПЯТРУСЬ БРОЎКА Кропля
Дождж прарваўся з ветрам
У спякоту,
Па пясках ударыў
Буйным шротам.
За адно імгненне,
За хвіліну
Перамыў лістоту на галінах,
Пачапіў на кожнае іглінцы
Па адной засмучанай
Слязiнцы.
Прашумеў. Суняўся.
Ціха стала.
І слязiнка кожная зайграла.
Колькі ў кроплю
Фарбаў назаткана,
Быццам свет увесь у ёй сабраны:
Поле,
Луг,
Сады ўсяго пасёлка,
І рака,
І неба,
І вясёлка!